Eto Belarus Detka
  • BLOG ABOUT BELARUS
    • English
    • Беларуская
    • Русский
    • Español
    • In Chinese
  • History Blog
    • English
    • Беларуская
  • About
    • About the book
    • Contact
  • BLOG ABOUT BELARUS
    • English
    • Беларуская
    • Русский
    • Español
    • In Chinese
  • History Blog
    • English
    • Беларуская
  • About
    • About the book
    • Contact

7. Францішак Скарына

2/21/2018

3 Comments

 
Picture
Бум! Бам! Бум! Мы зноўку ляцім скрозь час, каб адшукаць самых выбітных герояў беларускай гісторыі. Пасля таго, як мы прызямліліся, Грыша нас праінфармаваў: мы трапілі ў 1520-ты год у сталіцу Вялікага княства Літоўскага - Вільню! Гэта амаль што 500 гадоў таму назад!

Усхваляваныя, мы адчыняем дзверы і бачым, што стаім пасярод дома з жуласным беспарадкам. Паўсюль ляжаць кнігі, паперы, кавалачкі дрэва. “Ваў, я думала, што самы вялікі ў свеце бардак толькі ў маім пакоі”, - засмяялася Маша. Раптоўна аднекуль узнік мужчына, які збянтэжага глядзеў на нас. Мы растлумачылі, хто мы такія, што мы вандруем на нашай машыне часу і сёння яна накіравала нас сюды. Мужчыну, здаецца, крыху супакоілі нашыя тлумачэнні. Ён сказаў, што яго завуць Францішак Скарына і ён у захапленні ад нашага нечаканага візіту. “Давайце паразмаўляем за кубачкам мядовага напою”, - запрасіў ён нас.

“Пачакай, гэта ж яго манумент стаіць каля Нацыянальнай бібліятэкі?” - спытала Марта. Мы распавялі нашаму герою, што ў 2017 годзе ў Мінску можна ўбачць вялізарную статую ў яго гонар. Гэтая навіна так яго ўзрадвала, што ён пачаў скакаць і спяваць. І мы таксама не маглі не далучыцца да яго і раздзяліць яго посьпех і нашую радасць ад сустрэчы з такім выбітным чалавекам! Мы ведаем, што Францыск Скарына - гэта выбітны перакладчык і першадрукар на беларускай зямлі. Але чаму, акрамя кніг, тут паўсюль так шмат кавалачкаў дрэва?

Пакуль мы пілі напой, Францішак Скарына распавядаў нам, як важна для яго, што ўсе людзі, больш ці менш адукаваныя, і асабліва дзеці, маглі б вывучаць навукі, усе магчымыя дасягненні чалавецтва, граматыку, паэзію, музыку, астраномію і гісторыю! “Гэта тое, для чаго я жыву, - сказаў ён нам. - Для гэтага я пераклаў Біблію на дасціпную большасці людзей старабеларускую мову”. Але для якіх менавіта людзей быў зроблены пераклад? “Я раблю ўсё гэта для беларусаў! Яны натхняюць мяне на новыя дасягненні. І старабеларуская мова - гэта мова, на якой я пішу і дыхаю”.

Мы спыталі, чаму так шмат дрэва і пылу вакол? Францыск адказаў, што вельмі захапляецца гравюрамі на дрэве. “Я раблю ілюстрацыі да кніг, каб людзі маглі разумець складаныя тэксты. Такім чынам я паказваю, пра што кажацца ў Бібліі і тлумачу людзям гісторыю іх з’яўлення ў свеце. Я даволі добра раблю разьбу па дрэву і вельмі люблю гэты занятак, - дадаў першадрукар. - Гэта як адпачынак для майго розума”. Марта згадзілася: “Так, разумею. Гэта можна параўнаць з папулярным заняткам у наш час, ён называецца “йога”. Мы практыкуем заняткі йогай, каб адшукаць моманты спакою ў нашым хуткім жыцці”. Францыск паглядзеў на нас крыху насмешліва і сказаў: “Так, йога гучыць як штосьці, што мне б таксама спадабалася”.
​

На развітанне мужчына задаў нам вельмі важнае для яго пытанне: што адбываецца з нашай мовай у нашыя часы? Ці размаўляюць на ёй людзі? Маша адказала: “Так, размаўляюць, але было б вельмі здорава, калі б з’яўлялася больш людзей, якія б так жа апантана натхнялі іншых размаўляць па-беларуску!” Мы памахалі нашаму герою, зайшлі ў машыну часу і зачынілі дзверы.
Picture
Які таленавіты чалавек! Гэта не проста “мужчына, чыя статуя стаіць каля бібліятэкі”, о не! І таксама, ён не проста чалавек, які развіваў старабеларускую мову. Францішак Скарына - гэта таксама выбітны аўтар, паэт, лінгвіст, мастак і першадрукар! І, перш за ўсё, гэта найяскравы прадстаўнік беларускага народу, які стаіць на скрыжаванні ўсходяй і заходняй цывілізацый з нашай унікальнай культурай. Гэта быў незвычайны чалавек, які спалучаў у сабе заходняе і ўсходняе навучанне і рабіў шмат прыгожых і карысных рэчаў, як кнігі, гравюры і нават сады! Але самае важнае, што ён любіў нашую мову і нашых людзей больш за ўсё на свеце!

Пакуль Грыша рыхтуецца за новай вандроўкі, мы чытаем на яго экране, што Францыск Скарына нарадзіўся каля 1486 году ў Полацку. Ён навучаўся ў Кракаве, Празе і італьянскім горадзе Падуі. Яго Біблія стала стала другой друкаванай Бібліяй на славянскіх землях (пасля першай, надрукаванай у Чэхіі). Таксама мы даведаліся, што пераклады Скарыны на старабеларускую мову выйшлі на 18 гадоў раней за нямецкі пераклад Бібліі марціна Лютэра! І нават каля 50 гадоў раней за Біблію на рускай мове! Таксама Скарына ведаў вельмі важных у часы эпохі Адраджэння людзей у цэнтральнай і ўсходнях Еўропе. У яго паслугах мелі патрэбу кароль Даніі Іаган герцаг Прусіі Альбрэхт і нават Фердынанд Габсбург, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі.
​

З гэтага часу Францыск Скарына будзе мець асаблівае месца ў нашых сэрцах! Калі мы вернемся назад у Мінск, у наш час, то абавязкова зноўку пойдзем да Нацыянальнай бібліятэкі, каб павітацца з вялізарным манументам нашага героя!
Picture
3 Comments

6. Беларускі Цмок

10/16/2017

0 Comments

 
Read this blog in English
Picture
“Наступны прыпынак - 1250 год, месца – Полацкі раён”, - праінфармаваў нас айпад Грышы. Мы адчынілі дзверы і ўбачылі цэлы натоўп людзей, якія смяяліся, танцавалі і пелі, апрануўшыся ў прыгожыя традыцыйныя беларускія вопраткі. А пасярод гэтага натоўпу стаяла прыгожая нявеста побаз са шчаслівым жаніхом.

“Гэта вяселле! Я заўсёды хацела пабываць на традыцыйным вяселлі! Маша, пойдзем святкаваць!” – радасна сказала Марта. Некаторыя людзі пелі прыгожыя песні, іншыя, па старой традыцыі, неслі хлеб і соль для маладых. Нават нам дастаўся кавалачак хлеба, і мы былі рады далучыцца да гэтага дзейства. Мы проста танцавалі, пілі смачныя напоі, і ніхто не глядзеў на нас здзіўлена, ніхто не задаваў пытанняў, адкуль мы тут узяліся… Гэта было здорава!

Але раптоўна вечарына спынілася. Госці пачалі збянтэжана перагаворвацца… Маша спыталася: “Гэта з-за нас? Яны зразумелі, што мы тут няпрошаныя госці? Можа, нам лепш збегчы?” Але мы пачулі, што людзі размаўляюць пра нейкага цмока… Што? Цмок?! Напэўна, гэта дзіўны жарт, але нам стала вельмі цікава…

Маладыя кудысьці пайшлі, і мы пакрочылі за імі, каб не прыцягваць лішняй увагі. Яны спыніліся каля возера і сталі кідаць туды ежу і выліваць нейкія напоі, як нам здалося, гарэлку… А потым яны гучна спыталіся возера пра тое, ці могуць зараз атрымаць шчаслівае жыццё. Мы ніколі не чулі пра такую традыцыю… Прасіць у возера шчаслівае жыццё – крыху дзіўна, праўда? Але праз некалькі секунд з вады з’явіўся вялізарны цмок. Ён быў такім вялікім і страшным, што мы нават не ведалі, куды схавацца… Ён усюль убачыць нас! Але гэты цмок, не звяртаючы на нас увагі, кіўнуў смелай пары. Маладыя сталі дзякаваць яму і цалавацца.

Гэта была самая дзіўная рэч, якую мы бачылі ў сваім жыцці, але цмок насамрэч выглядаў вельмі прыязна і, здавалася, не збіраўся іх з’есці. Ён нават міла ўсміхнуўся!​

Маладыя павярнуліся з вялікімі ўсмешкамі на тварах, каб ісці назад да гасцей, і ўчабылі  нашя збянтэжаныя і шакаваныя твары. Яны патлумачылі, што гэта частка язычніцкай традыцыі – ушанаваць Цмока, каб ён даў маладым добрае і шчаслівае жыццё. “Гэта старая вясельная традыцыя, якой мы павінны падпарадкоўвацца”, - сказалі дзяўчына з хлопцам. Мы махнулі галавой, але ніяк не маглі перастаць калаціцца ад таго, што толькі што ўбачылі. Маладыя засмяяліся і запрасілі нас зноўку далучыцца да святкавання. “Пойдзем знойдзем што-небудзь, што дапаможа вам аднавіцца пасля такога градыёзнага досведу!” – сказалі яны, і мы толькі зноўку кіўнулі ў адказ.

Да нашай машыны часу Грышы мы вярнуліся крыху раслабленыя ад напояў, але нашыя рукі ўсё яшчэ калаціліся ад убачанага. Перад тым, як зачыніліся дзверы, мы ўбачылі Цмока, які лётаў над возерам, пускаючы агонь з носу.

Гэта была вельмі захапляльная вандроўка. Мы патрапілі на вяселле, якое было амаль тысячу год таму, і сустрэлі вялізарнага цмока, які апынуўся даволі мілым і прыязным… Беларуская зямля поўніцца сюрпрызамі, і мы не можам дачакацца, калі ўбачым наступны!
0 Comments

5. Граф Чапскі & Янка Купала

7/19/2017

1 Comment

 
Read this blog in English
Picture
Мы набіраем хуткасць, круцімся і прызямляемся ў пакуль што незнаёмы, але, мы ўпэўненыя, важны момант у беларускай гісторыі. Адчыняем дзверы і бачым, што мы апынуліся перад вялікім збудаваннем. Грыша паказвае, што мы знаходзімся у Мінску 1893-га году! Як здорава! Што мы адкрыем для сябе ў гэты раз?

Тут мы ўбачылі мужчыну, які стаіць побач з будынкам і глядзіць на нас, адкрыўшы рот. Падняліся да яго, каб спытаць, што ж тут зараз робіцца і хто ён такі? Здзіўлены мужчына адказаў, што завуць яго Караль Гутэн-Чапскі, ён гарадскі глава і зараз мы глядзім на будынак новага тэатра, пабудаванага пры фінансавай падтрымцы ўсіх неабыякавых мінчукоў! “Ах, граф Чапскі, той самы, што заснаваў знакаміты піўзавод “Аліварыя”!” - зразумелі Маша з Мартай.

Граф спытаў нас, хто мы такія і як гэтая незвычайная машына апынулася тут. Яна што, лётае?! Першы раз за ўсю нашую вандроўку мы ўбачлі не страх, а зацікаўленасць у вачах мужчыны, калі распавядалі, што гэта Грыша, нашая машына часу, а самі мы прыбылі з 2017 года, каб убачыць найбольш важныя моманты ў гісторыі Беларусі. “Упершыню ў жыцці сустракаю людзей з будучыні!” - захоплена сказаў граф. Вау, ён вельмі прагрэсіўны чалавек для свайго часу!

Чапскі спытаўся, ці стаіць яшчэ гэты тэатр у 2017 годзе? Мы яшчэ раз зірнулі на будынак - яго форма выглядала вельмі знаёмай. “Ці памятаюць маё імя ў будучыні?” - спытаўся граф. “Так, - сказалі мы, - вас памятаюць як самага лепшага гарадскога галаву за ўсю гісторыю Мінска! А таксама як рэфарматара і добрага півавара”. Караль усміхнуўся і сказаў: “Ну, даволі добрыя ўспаміны! Магло быць нашмат горш!”
Picture
Раптам мы атрымалі паведамденне ад Грышы, які пісаў, што гэты да болю знаёмы будынак - зараз, у 2017 годзе, тэатр імя Янкі Купалы. “Хто такі гэты Янка Купала?” - здзівіўся граф. Грыша патлумачыў, што Купале зараз 11 год і ён жыве недалёка адсюль - у Маладзечна. І калі мы хочам, то можам зараз жа ўсе разам накіравацца туды! Караль Чапскі вельмі натхніўся гэтай ідэяй і пракрычаў: “Так! Давайце зробім гэта! Я хачу паглядзець на хлопчыка, чыё імя будзе насіць гэты тэатр у будучыні! І, канешне ж, я не ўпушчу мажлівасці патрапіць у машыну часу!”

Грыша апынуўся даволі цесным - утраіх мы ледзь змаглі зачыніць дзверы машыны. Але ўсё ж такі, выканаўшы ўсе свае падскокі і віражы, Грыша даставіў нас на палянку перад драўляным домам. Мы ўбачылі хлопчыка, які сядзеў недалёка ад нас і штосьці пісаў на паперы. Дык вось ён які, Янка Купала, хлопчык, што хутка стане адным з найвялікшых беларускамоўных паэтаў і пісьменнікаў 20 стагоддзя!

Мы не маглі паверыць у тое, што стаім пасярод маладзечна разам з вядомым мэрам і рэфарматарам Мінска графам Чапскім і глядзім на маленькага Янку Купалу! Хутка гэты хлопчык стане вялікім паэтам, які дакажа, што беларуская мова і беларускі фальклор вельмі асаблівыя і жывыя. У гэты час пісаць штосьці на беларускай мове было вельмі адважным учынкам, таму што мова была забаронена і апублікаваць на ёй творы было амаль што немагчыма.

Раптоўна Грыша пачаў зачытваць невялікую частку знакамітай паэмы Янкі Купалы “Спадчына”, ад чаго ў нас пабеглі мурашы па скуры:

Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры i глушы
Мне свецiць мiж вандоламi.

Жыве з iм дум маiх сям'я
I снiць з iм сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.


Граф Чапскі паглядзеў на Янку Купалу і сказаў: “Я вельмі ганаруся тым, што тэатр назавуць у гонар гэтага маладога чалавека!”

Мы  даставілі Караля Чапскага назад у Мінск і вельмі цёпла з ім развіталіся. Вяртаючыся назад у нашую машыну часу, мы не маглі перастаць думаць пра гэтых дваіх важных асоб у беларускай гісторыі. Як жа здорава, што кожны з іх па-свойму паказаў моц і творчыя мажлівасці беларусаў!
1 Comment

4. Марк Шагал

5/30/2017

1 Comment

 
Read this blog in English
Picture
Paragraph. Нажмите, чтобы изменить.Мы заходзім у нашага дзіўнага Грышу, каб зноўку пусціцца ў вандроўку па гісторыі Беларусі. Нас хістае з боку ў бок пэўны час, але нарэшце мы прызямляемся некуды з моцным ударам. Перад тым, як адчыніць дзверы, Грыша паказвае, што мы апынуліся ў Віцебску 1900-га года. Заварожана мы адчыняем дзверы…

Нашая машына часу стаіць перад маленькім прыгожым драўляным домам. Мы глядзім навокал і бачым  вельмі маляўнічую вёску, дзе кожны будынак зроблены з дрэва: дамы, цэрквы і сінагогі.

Да нас набліжаецца маладая дзяўчына і мы пытаемся, хто жыве ў гэтым доме. Нахмурыўшыся, яна адказвае, што гэта дом сям’і Шагалаў. Іх бацька Захар прадае рыбу, маці Фейге-Іта трымае невялікую прадуктовую лаўку, а яшчэ ў іх сям’і 9 дзяцей…

Мы з Мартай паглядзелі адна на адну… Шагал?? Насамрэч?? Тут мы пачалі закідваць дзяўчыну пытаннямі. Дзе ён нарадзіўся? У Віцебску? Чым ён займаецца? Ці можам мы з ім сустрэцца? Але пакуль мы з Мартай абмяркоўвалі, што яшчэ спытаць, дзяўчына збегла…

Тады мы накіраваліся да маленькага доміка і цішком зазірнулі ў вокны. Ужо было даволі цёмна, і мы ўбачылі, як дзеці і дарослыя вяртаюцца дадому. Адзін хлопчык, які выглядаў старэйшым за астатніх, зайшоў у пакой, пад вокнамі якога мы сядзелі, і нам вельмі пашансавала бачыць і чуць усё, што там адбываецца. Хлопчык узяў кнігу, паперу і аловак і пачаў маляваць. Напэўна, гэта і ёсць Марк Шагал!

Калі хлопец рабіў эскізы за сваім сталом, у пакой увайшла яго маці. Яна спыталася: “Мойша, што ты робіш?” “Я малюю, мама! – адказваў хлопчык. – Некалькі тыдняў таму я ўбачыў, як у школе хтосьці маляваў, і мне так спадабалася! Я ніколі не адчуваў нічога больш натхняючага… Я пазычыў некалькі кніг па маляванню і вырашыў паспрабаваць. Глядзі!” І Мойша паказаў маці некалькі паперак.

Мы ўбачылі эскізы, на якіх быў намаляваны яго дом, партрэты, рыба, якую прадаваў яго тата, прыгожыя цэрквы і шмат габрэйскіх сімвалаў.

Маці заварожана глядзела на малюнкі, а потым сказала: “Ты вельмі асаблівы, сынок, і я ведаю гэта з таго самога моманта, як ты нарадзіўся. Я буду рабіць усё мажлівае, каб ты дасягнуў сваёй мэты ў жыцці, але зараз не мог бы ты рыхтавацца да заняткаў, замест таго, каб маляваць гэтыя бескарысныя эксізы?”

Хлопчык разгублена паглядзеў на маці і сказаў: “Але мама, паглядзі, я таксама намаляваў сінагогу і хачу падарыць гэты малюнак тату. Яму спадабаецца!” Маці толькі ўсміхнулася і пакінула пакой. А Мойша прыняўся маляваць з яшчэ большай адданасцю.

У гэта немагчыма паверыць, мы глядзім на самога Марка Шагала ў яго доме ў час, калі ён рабіў свае першыя малюнкі! Усё гэта адбывалася ў беларускім горадзе Віцебску. Раптам мы ўзгадалі адну з найбольш вядомых карцін Шагала з парай, якая ляціць над горадам Віцебскам. Пэўна, ён вельмі любіў свой родны горад!
Picture
Мы пакрочылі назад да Грышы, які чакаў нас. Ён паказаў на сваёй скрыне (якая выглядала ў драўляным горадзе вельмі футурыстычна), дзе за сваё жыццё пабывае гэты 13-гадовы хлопчык. Як ён будзе едзіць туды і назад паміж Савецкім Саюзам і Францыяй, як на 8 гадоў знікне з-за вайны ў Амерыцы. Як ён пакахае прыгожую дзяўчыну з Віцебска Бэлу Розенфельд і яны нарадзяць дачку Іду. Як потым ён другі раз ажэніцца на Вялянціне (Ваве) Бродскай. І як ён сыйдзе з жыцця ва ўзросце 97-мі гадоў, пакінуўшы вялізарную мастацкую спадчыну.

Мы вельмі ганарымся, што можам называць Шагала “нашым”. Ён нарадзіўся і вырас у Віцебску, і мы павінны шанаваць яго так, як ён шанаваў родны горад у сваіх карцінах!

Калі мы зачынялі дзверы Грышы, то ўбачылі, што Марк пазірае на нас з вакенца. Цікава, мы змаглі стаць натхненнем для яго самай вядомай карціны “Над горадам”? :)

​*** Каго намаляваў маленькі Марк Шагал на сваім мальберцеб спытаеце вы? Гэта Зьміцер Сеўковіч, які падтрымаў нас падчас краўдфандынгавай кампаніі ў маі 2016! Дзякуем, Зьміцер!!!
1 Comment

3. Тры браты Езафовічы і “Залаты век” у беларускай гісторыі

2/23/2017

0 Comments

 
Read this blog in English
Picture
Грыша, мы гатовыя! Перанясі нас у які-небудзь важны гістарычны момант. Мы прышпіліліся (так, на гэты раз мы вырашылі зрабіць нашае падарожжа больш камфортным і паставілі пару крэслаў у Грышу), і машына часу накіравала нас да новых прыгод.

Мы адчынілі дзверы і ўбачылі, што апынуліся ў прыгожай залі, дзе тры мужчыны шакавана глядзелі на нас. Адзін з іх сядзеў у крэсле і выглядаў даволі хворым. Мы ім сарамліва памахалі, разумеючы, што гэта, пэўна, самая дзіўная рэч, якая з імі здаралася ў жыцці. Марта сабрала ў сабе ўсю адвагу і сказала, што мы вандроўнікі ў часе і прыбылі сюды, у гэты асаблівы момант у гісторыі Беларусі, з 2017 года. Але пасля такіх слоў мужчыны выглядалі так, нібы зараз страцяць прытомнасць. Адзін спытаў другога: “Ты таксама гэта бачыш?”. Той адказаў: “Здаецца, што так…”

Мы далі нашым новым знаёмым яшчэ крыху часу, каб выйсці з шоку, а пасля спыталі, хто яны і ў якім стагоддзі мы прызямліліся. Адзін з трох мужчын сказаў, што гэта 1519 год, мы знаходзімся ў Вільні, а яны – Аўрам, Айзак і Міхель Езафовічы. “А, так вы тры браты?” – спытала Маша. “Так і ёсць, даражэнькія госці,” – адказалі мужчыны.

Калі нашыя новыя сябры крыху да нас звыкліся, мы пачалі іх распытваць, хто яны і ці могуць больш падрабязна распавесці пра сябе. Раптоўна раздаўся грукат у дзверы і на парозе ўзнік магутны мужчына ў каралеўскім адзенні. Два браты ўсталі, каб павітаць яго. “Знаёмцеся, гэта Жыгімонт I, князь Вялікага княства Літоўскага!” – сказаў Аўрам, той з братоў, які быў хворым, з цяжкасцю падняўшыся з крэсла. Ваў, які гонар! Нам не цярпелася даведацца, чаму ж кіраўнік дзяржавы наведаўся да братоў і хто ж яны, нарэшце, такія? Мы ціхенька селі ў вуглу і навастрылі вушы.

Мужчыны размаўлялі пра справы Аўрама Езафовіча, які адчуваў набліжэнне фінішу яго жыццёвага шляху. Сам вялікі князь горача дзякаваў Аўраму Езафовічу за яго дапамогу. Мы зразумелі, што Аўрам – вельмі заможны і ўплывовы габрэй, які з’яўляецца міністрам фінансаў ВкЛ! Дзякуючы гэтаму чалавеку была сфарміравана падатковая сістэма княства, а таксама ён зрабіў шмат добрых змяненняў у эканоміцы краіны, часткова фінансуючы іх са сваёй кішэні! Аўрам нават пазычыў грошы самаму Жыгімонту I, каб фінансаваць некаторыя эканамічныя рэформы. Пазней мы даведаліся, што Аўрам памёр у канцы 1519 года.

Браты Езафовічы моцна паўплывалі на павялічэнне прыбыткаў дзяржаўнай казны падчас жыцця Аўрама, а таксама і пасля яго смерці. Яны былі вельмі добрымі прадпрымальнікамі, аддана служылі вялікаму літоўскаму князю і запэўнівалі яго, што працягнуць з бласлаўлення манарха і брата Аўрама сваю справу.
Яшчэ адзін вельмі цікавы і натхняючы факт мы даведаліся з гэтай асаблівай сустрэчы: напрацягу доўгага часу існавання ВкЛ пра людзей меркавалі па іх дзеянням, а не па іх рэлігіі. Габрэі ў тыя часы былі значнай часткай грамадства, і, мажліва, менавіта дзякуючы іх прадпрымальніцкім здольнасцям гэтая дзяржава дабілася такіх вялізарных посьпехаў.

Гэта быў вельмі натхняючы дзень для нас. Мы даведаліся пра новыя цікавыя рэчы з беларускай гісторыі і былі рады пазнаёміцца з Аўрамам Езафовічам і яго братамі, якія паспрыялі пераменам і росквіту ВкЛ у 16 стагоддзі, якое называюць “Залатым векам” беларускай гісторыі. Будзем памятаць, што першым вядомым рэфарматарам эканомікі на беларускіх землях быў Аўрам Езафовіч!

Мы вяртаемся да Грышы, каб накіравацца далей у нашым падарожжы па гісторыі Беларусі!

***Мы дзякуем  нашаму сябру Захару Шыбека, беларускаму гісторыку і прафесару, эксперту ў гэтай тэме за дапамогу ў падрыхтоўцы гістарычнага блога.
0 Comments

2. Мінск як гандлёвы горад

12/19/2016

3 Comments

 
Read this blog in English
Picture
Мы рыхтуемся да новай прыгоды ў гісторыю Беларусі! Зноўку заходзім на платформу Грышы, дзверы зачыняюцца, ён пачынае кружыць нас так доўга, нібы цэлую вечнасць. Нарэшце, мы спыняемся, хвалюючыся адчыняем дзверы машыны часу і адчуваем моцны водар спецый, а таксама дрэва і металу. Няўжо замест старажытнай Беларусі мы патрапілі ў старажытны Кітай?
​

Азірнуўшыся навокал, мы разумеем, што прызямліліся на рыначны прылавак, у якім прадаецца безліч спецый. Гаспадар гэтага прылаўка асалапеў ад такога нахабста і пачаў крычаць на нас. “Што вы тут робіце?! Вы што, звар’яцелі?” Мы прызнаем, што гэта не лепшае месца для пасадкі, але, прынамсі, мы атрымалі выдатны від на ўвесь рынак і, можна сказаць, адшукалі тут першага сябра (якому адназначна не падабаемся). Не самае горшае, што магло здарыцца… Тым больш, што… Гэты мужчына размаўляе з намі па-беларуску!

Мы абмянялі ружовую шарыкавую ручку, якую адшукалі ў кішэні, на некалькі спецый з цудоўным пахам, і замест незадаволенага сябра атрымалі вельмі добрага і прыемнага. Ён прадставіўся Міколай, гандляром, які прывозіць спецыі з Азіі ў гэты горад, які называецца Менск. Ваў, мы зноўку патрапілі ў Мінск! “Вы беларус?” – спыталі мы Міколу. На што ён крыху здзівіўся і адказаў: “Не, мае даражэнькія сябры, я сапраўдны літвін з Вялікага княства Літоўскага!”

Дык мы ў Мінску часоў ВкЛ! І кожны тут размаўляе па-беларуску! Гэта цудоўна! Але ў які год мы патрапілі? Мікола вылупіў вочы ад такога пытання і асцярожна сказаў: “Вітаю вас у 1499 годзе!”

Наш новы сябар паведаміў, што Менск з’яўляецца вельмі важным і заможным горадам, таму што знаходзіцца на скрыжаванні гандлёвых шляхоў з захаду на ўсход і з поўдня на поўнач (а таксама славіцца прыгожымі жанчынамі!). 

Мы вырашылі прагуляцца па рынку і не маглі паверыць вачам. Колькі колераў, розных людзей і тавараў тут можна адшукаць! Мы бачым людзей з Азіі, Еўропы, і ўсе яны гандлююць тут рознымі прадуктамі, напрыклад, соллю, віном, спецыямі, а таксама пушнінай, тканінай і рознымі металамі.

Калі мы спыніліся каля лаўкі з футрамі, як па камандзе ўзнік чалавек, не здзіўлены нашым з’яўленнем. “Вітаю вас, паненкі! Гэтая бабровая футра будзе саграваць вас доўгай менскай зімой! Набудзеце адну – і атрымаеце другую з добрай зніжкай! Футра найлепшай якасці і вядома ва ўсім свеце!” – скончыў ён сваю рэкламную прамову з шырокай і гордай усмешкай. Мы прымерылі паліто, якое насамрэч апынулася вельмі якасным, і, да таго ж, даволі нам пасавала.

Размаўляючы з гандлярамі, мы разумелі, якімі яны былі разумнымі і адукаванымі. Яны распавядалі пра суседнія краіны і далёкія землі, пра тое, якім шляхам туды дабірацца. Большасць гандляроў размаўляла не толькі па-беларуску, але яшчэ і на іншых мовах. Яны ведалі ўсё пра свае тавары і выдатна іх прэзентавалі.

Раптоўна мы пачулі гучныя крыкі і воклічы. Штосьці здарылася пасярод ярмаркі? Але людзі, якія крычалі, выглядалі шчаслівымі, яны адкрывалі бутэлькі з віном і пілі прама з іх.

“Тут штосьці святкуецца?” – спыталі мы жанчыну побач з намі. Яна патлумачыла, што наш горад нарэшце атрымаў Магдэбургскае права! “ШТООО???” – не паверылі мы сваім вушам. Яна адказала (а дакладней – пракрычала), што цяпер Менск мае права на самакіраванне і не павінен больш падпарадкоўвацца феадалам. Нарэшце Менск стаў паўнапраўным горадам!

Паразмаўляўшы з мясцовымі жыхарамі пра гэтае права, мы зразумелі, якое яно важнае. Дзякуючы Магдэбургскаму праву (яно так названа ў гонар нямецкага горада Магдэбург), Менск стаў незалежным горадам па ўзору заходнееўрапейскіх. Напрыклад, цяпер гарадскія ўлады маглі пабудаваць ратушу – сімвал самакіравання, а таксама даць мясцовым гандлярам і рамеснікам прывілеі перад іх іншагароднімі і замежнымі канкурэнтамі. Яшчэ адным важным крокам было ўстанаўленне ў горадзе адзінага стандарта для ўсіх адзінак вымярэння, каб гандлярам было прасцей працаваць і не сварыцца за кожны грам.

Калі мы ішлі назад да прылаўка Міколы, Маша раптоўна ўзгадала адзін сучасны помнік каля Мінскай ратушы на Плошчы Свабоды. Ён жа звязаны з гэтым важным гістарычным момантам – набыццём Магдэбургскага права! там стаіць скульптура гандляра, які ўзважвае тавар, і называецца яна “Гарадскія вагі”. Гэта сімвал развіцця Мінска як вялікага гандлёвага і рамеснага цэнтра менавіта ў час, у які мы патрапілі зараз!
​

Марта і Маша памахалі гораду на развітанне і выказалі спадзяванне, што аднойчы яны ўбачаць такі ж моцны прадпрымальніцкі дух і ў сучасным Мінску!
3 Comments

1. Мінск у Сярэднявечча

11/10/2016

2 Comments

 
Read this blog in English
Picture
Бландынкі крыху нервуюцца… Мы зараз упершыню зойдзем у машыну часу Грышу, якая дашле нас у пэўны час і месца ў мінулым! Нам вельмі цікава: якую гістарычную падзею мы сёння ўбачым? Мы заходзім на платформу і націскаем на кнопку “ПУСК”…

ВЖЖЖЖ, ЗЗЗЗЗЗ, БРРРРРРР! Нас трасе, падкідвае ўверх, дыханне замірае, а потым раптоўна мы адчуваем моцны штуршок. Мы прыбылі на месца! Дзверы Грышы адчыняюцца, і мы апынаемся сярод замерзлага зімовага балота, а навокал нават няма ніводнага мужчыны, які б прапанаваў нам сваё паліто, каб сагрэцца.

Не зусім тое месца, дзе мы б хацелі апынуцца… На пэўны час нас ахапіла паніка, мы нават сталі сумнявацца ў кампетэнтнасці нашых паважаных навукоўцаў і ў тым, што зможам патрапіць назад у 2016 год. Аднак наш аптымізм вярнуўся, як толькі мы ўбачылі, што непадалёк нешта робіцца! Зусім хутка Маша і Марта зразумеюць, што яны апынуліся ў 11 стагоддзі ў той час, калі быў заснаваны іх родны горад Мінск.

Калі мы падыйшлі бліжэй да невялікай вёскі, то зразумелі, што апынуліся ў самай гушчы грандыёзнай бітвы. О не, тут амаль усё разбурана! Раптам да нас падыйшоў пажылы чалавек, апрануты ў смешную чырвоную сукенку з шубай і ў зялёныя боты. Ён глядзеў на нас з вялікім здзіўленнем, нібыта гэта мы былі апранутыя ў штосьці кшталту піжамы з зялёнымі тапкамі.

Пасля займальнай гутаркі з ім мы даведаліся, што тут адбываецца важная падзея – бітва полацкага князя Усяслава, які, па чутках, можа ператварацца ў ваўка і сокала, за што і атрымаў мянушку Чарадзей. “Дзякуючы сваёй суперсіле, ён можа перамяшчацца хутчэй за святло і нечакана з’яўляцца ў самых розных месцах, - распавёў нам старац з усмешкай на твары. – І зараз на гэтым поле бою ён абараняе сваё вялікае Полацкае княства ў бітве на рацэ Намізе, змагаючыся са сваім ворагам – кіеўскім князем”.

“Так, значыць, мы ў Мінску!!!” – радасна ўсклікнулі мы. Але ў якім годзе? Наш новы сябар збянтэжана паглядзеў на нас і адказаў: “Паненкі, вітаю вас у 1067 годзе!”
Picture
Марта і Маша зразумелі, што патрапілі ў вельмі важны час у гісторыі Мінска, узгадаўшы, што яны чыталі пра бітву ў кнігах па гісторыі. Пасля гэтага бою быў заснаваны Мінск, ці Менск, як ён тады называўся, - пра гэта сведчыць “Аповесць мінулых часоў” (кніга, у якой распавядаецца пра шматлікія важныя падзеі, адбыўшыеся ў Сярэднявеччы). Такім чынам, 1067 год вядомы як год заснавання Мінска. Гэтым насамрэч варта ганарыцца, таму што Мінск старэйшы, напрыклад, за Маскву і Стакгольм!

“Напэўна, нам варта спытаць, адкуль узялася сама назва “Мінск”, - сказала Марта. Мажліва, гэты мудры і незвычайна апрануты старац можа нам распавесці? Ён паглядзеў на нас так, нібы мы прыляцелі з іншай планеты (хаця мы насамрэч адчувалі сябе тут як іншапланецяне) і пачаў тлумачыць. Ён сказаў, што існуе некалькі тэорый таго, адкуль узялася назва цяперашняй беларускай сталіцы. Большасць гарадоў, як правіла, называлі сугучна з ракой, на якой яны будаваліся, альбо ў гонар заснаваўшага іх чалавека. Таму, згодна з першай тэорыяй, Мінск (ці Менск) быў названы ў гонар ракі Менка. Сёння вы можаце адшукаць берагі гэтай ракі на паўднёвым захадзе сталіцы. Другая тэорыя больш цікавая. У ёй сцвярджаецца, што назва “Менск” утварылася ад слова “мена”, то бок, “абмен”. Справа ў тым, што горад размяшчаўся на скрыжаванні шматлікіх гандлёвых шляхоў. “Але я веру ў легенду, згодна з якой горад быў названы ў гонар волата Менеска, - прамовіў старац таямнічым голасам. – Волат жыў у гэтых мясцінах, кажуць, ён быў вельмі моцны і меў свой млын. Аднак гэта ўсё, што вядома – яго асоба пакрыта таямніцай”.

Калі дзьве бландынкі даведаліся, што горад іх нараджэння быў заснаваны пасярод замерзлай балоцістай мясцовасці пасля грандыёзнай бітвы, якая практычна разбурыла тут усё ў Сярэднія вякі, яны зразумелі, што больш не змогуць глядзець на Мінск так, як раней. Наш горад насамрэч вельмі старажытны і прайшоў праз многае за гэтыя стагоддзі!

Маша і Марта вярнуліся назад да чакаўшага іх Грышы. Яны ўсталі на платформу, зачынілі дзверы машыны часу і адчулі гонар і радасць за тое, што сваімі вачыма змаглі ўбачыць гэтую важную падзею ў гісторыі Мінска, пасля якой прайшло ўжо амаль 950 гадоў. “Абавязкова адсвяткуем у наступным годзе юбілей нашага любімага горада! Нават апранемся для гэтага ў чырвоныя сукенкі вялізарнага памеру і смешныя зялёныя тапачкі!” – смеючыся паабяцалі сабе дзяўчынкі і націснулі на “ПУСК”, каб адправіцца за новымі прыгодамі.
2 Comments

Новы блог: Гэта беларуская гісторыя, дзетка!

9/30/2016

0 Comments

 
Read this blog in English
Picture
Дзьве бландынкі з Беларусі гатовыя да новых прыгод! Да вандроўкі ў мінулае! Мы збіраемся даследваць важнейшыя моманты беларускай гісторыі, таму што верым, што яна павінна шанавацца маладымі і дарослымі, жанчынамі і мужчынамі, беларусамі і замежнікамі, вамі!

Ітак, мы гатовыя! Назад у мінулае! Але пачакайце, як далёка нам трэба адправіцца? Калі пачалася беларуская гісторыя? Мы ведаем, што геаграфічная назва нашай тэрыторыі “Беларусь” з’явілася каля 1600 года. Але першыя паселішчы чалавека-краманьёнца на беларускай зямлі існавалі больш за 25.000 гадоў таму. За гэты час дакладна адбылося шмат усяго цікавага!

Дзе ж мы адшукаем беларускую гісторыю? Лагічна меркаваць, што музеі, архівы і бібліятэкі поўныя неабходнымі звесткамі. Але мы хочам прыгод!  Мы хочам сустракаць герояў з мінулага, змагацца з нягоднікамі і раскрываць таямнічыя міфы! Мы хочам быць як Індыана Джонс!

Мы чулі, каб найбольш дакладна спазнаць гісторыю, нам трэба ўзброіцца кіркамі і матыкамі і пачынаць капаць зямлю, бо ў ёй схавана шмат артэфактаў. Гэта розныя рэчы і збудаванні, якія выкарыстоўвалі ці пабудавалі старажытныя людзі. Напрыклад, можна адшукаць жыллё, дарогі, манеты, зброю ці нават вельмі старажытныя шкарпэткі. Канешне, гэта ўсё вельмі цікава, але ў нас недастаткова трывання, каб месяцамі рыць зямлю ў пошуках скарбаў. Лепш мы пакінем гэта прафесійным археолагам і гісторыкам.
Picture
У нас ёсць больш захапляльны план! Доўгі час мы правялі ў сакрэтнай лабараторыі з некаторымі вар’ятамі-навукоўцамі, спрабуючы стварыць машыну часу. Гэтае вынаходніцтва павінна перанесці нас у беларускае мінулае без раскопак! Аднак тут ёсць адзін нюанс: нашая машына сабе на розуме, таму яна сама вырашае, дзе менавіта мы апынемся. Пазнаёмцеся з нашай сакрэтнай распрацоўкай – гэта машына часу Грыша, якая адправіць нас у вандроўку па самых важных і цікавых момантах беларускай гісторыі! І хай будзе з намі хуткасць святла!
0 Comments

    RSS Feed

Powered by Create your own unique website with customizable templates.